14.02.2024

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.З гэтай нагоды 13 лютага бібліятэка каледжа сумесна з выхавацелямі інтэрнатаў правялі інтэлектуальна-творчы турнір “Мова родная – наша Спадчына і запавет”. Гульня адбылася у этнаграфічнай майстэрні “Скарбніца” і была накіравана на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.

Падарожжа па краіне роднай мовы прайшло ў некалькі этапаў: “Перакладчык”, “Растлумач словы”, “Загадкі-жарты”, конкурс на лепшае мастацкае чытанне вершаў беларускіх аўтараў, блокі пытанняў “Краіна Беларусь”, а таксама было хатняе заданне – падрыхтаваць калаж па тэме мерапрыемства.

Гульнявое мерапрыемства прайшло весела і з карысцю. Тры каманды ўдзельнікаў спаборнічалі паміж сабой, адгадвалі жартоўныя загадкі, чыталі вершы беларускіх празаікаў Я. Купалы, А. Бачылы, Л. Геніюш, дзяўчынкі і хлопчыкі даведаліся, што такое альтанка і гарбата, каромысел і грэбля, футра і коўдра. Дзяўчаты, навучэнцы 1 групы, праспявалі песню на беларускай мове, тым самым сцвярджаючы, якая багатая, мілагучная і звонкая родная мова.

У дапамогу ўдзельнікам прапанавалась тэматычная выстава “Квітней, мая Беларусь!”, прысвечаная роднай мове і беларускім асветнікам. Усе удзельнікі турніру атрымалі салодкія прызы і пакаштавалі блінцоў з сапраўднай печы!

поделиться в: